Jump to content

Wn/be/Смяротны прысуд у Бабруйску

From Wikimedia Incubator
< Wn | be
Wn > be > Смяротны прысуд у Бабруйску

9 студзеня 2019

На выязным пасяджэнні Магілёўскага абласнога суда ў Бабруйску 9 студзеня 2018 года агучаны прысуд мясцоваму жыхару Аляксандру Асіповічу. Яго звінавацілі ў двайным забойстве, здзейсненым пры абцяжарваючых абставінах і прысудзілі да смяротнага пакарання.

Справу разглядаў суддзя Міхаіл Мельнікаў. У кватэры, дзе бавіў час падсудны ўначы 20 ліпеня 2018 года, былі знойдзеныя целы дзвух маладых жанчын — Крысціны і Алесі. На судзе, які распачаўся яшчэ 4 снежня 2018 года ў Бабруйску, высветлілася, што каля 7 гадзін раніцы 20 ліпеня 2018 года ў міліцыю затэлефанавала маладая жанчына і стала крычаць, што ёй пагражаюць, прасіла аб дапамозе. Яна з сяброўкай зачыніліся ў ванным пакоі, а да іх спрабуе ўламіцца мужчына. Аднак жанчына няправільна ўказала месца, дзе яны знаходзяцца, таму міліцыя доўга расшуквала дом і кватэру. На другі дзень, калі аператыўнікі затрымалі 36-гадовага непрацуючага бабруйчаніна, то ў ванным пакоі знайшлі знявечаныя целы дзвюх маладых жанчын са слядамі гвалтоўнай смерці. У дачыненні да Асіповіча была ўзбуджаная крымінальная справа па частцы 2 артыкула 139 Крымінальнага кодэксу РБ (забойства, здзейсненае пры абцяжарваючых абставінах).

У верасні 2017 года падсудны быў пастаўлены на прафілактычны ўлік у крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Аднак, як потым высветліла Генеральная пракуратура, належны прафілактычны кантроль за ім адсутнічаў, што паспрыяла здзяйсненню ім правапарушэнняў і асабліва цяжкага злачынства. На працэсе былі апытаныя больш за 30 сведкаў, родных Асіповіча і забітых дзяўчат, а таксама саслужыўцы, сябры і знаёмыя. Асіповіч на судзе распавядаў, што ўвечары 19 ліпеня 2018 года піў піва з сябрамі ў двары, потым вырашыў працягнуць вечар у кавярні «Прэстыж». Грошы на адпачынак ўзяў у сужыцелькі. У кавярні сустрэў дзяўчат, з якімі на таксоўцы накіраваўся на кватэру. Дзяўчаты чамусьці самі пагадзіліся паехаць да яго. У кватэры, дзе потым адбылося забойства, пастаянна ніхто не жыў, яна належыць маці падсуднага. Крысціна і Алеся — жыхаркі Бабруйска, неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці па розных артыкулах (крадзеж, хуліганства, знаходжанне ў нецвярозым стане, п’янства). У кожнай з іх экспертыза выявіла ад 3,3 да 3,4 праміле алкаголя (моцнае ап’яненне). Падсудны прызнаў абвінавачванне часткова. На следстве казаў аб тым, што прымаў «меры да расчлянення і ўтойвання трупаў».

8 студзеня 2018 года ў судзе прадстаўнік абвінавачвання, пракурор Вольга Іванова заявіла, што Асіповіч пад час забойства ўсведамляў усе свае дзеянні, намагаўся схаваць сляды забойства. І тая акалічнасць, што пазней ён здзейсніў яўку з павіннай, не змякчае ягонай віны. Дзяржабвінаваўца лічыць, што Асіповіч не здольны да выпраўлення і запрасіла для яго вышэйшай меры пакарання ў выглядзе растрэлу. Прамаўляючы апошняе слова, падсудны плакаў, прасіў, не пазбаўляць яго жыцця, каб ён змог выплачваць шкоду нанесеную родным забітых: «Сказаць у сваё апраўданне нічога не магу».

Крыніцы

[edit | edit source]
Гэты артыкул змяшчае матэрыялы з артыкула «Смяротны прысуд у Бабруйску: трагедыя, якой магло не быць», апублікаванага Праваабарончым цэнтрам «Вясна» і размешчанага пад ліцэнзіяй Creative Commons (умовы на рускай).
Аўтар тэксту: Аляксандр Асіповіч

{{Wn/be/Каментарыі:Template:Wn/be/PAGENAME}}